Утварэнне спадчынных найменняў
Нарастанне міжпакаленнай самасвядомасці ў рамках мікраэтнасацыяльнай адзінкі — сям'і праявілася ў працэсе ўтварэння ў беларусаў устойлівых спадчынных найменняў — таго, што мы зараз называем прозвішчамі. Узнікненне такіх пастаянных назваў стабілізавала ўнутрысямейныя дыяхронныя сувязі, якім належыць значная роля ў трансмісіі этнічных якасцей і ўзнаўленні этнасу. У гэты перыяд у беларусаў працягваўся працэс складвання трохкампанентнай сістэмы найменняў, у рамках якога на аснове імён па бацьку, імён-мянушак паступова ўтвараліся ўласныя прозвішчы [14]. Разам з тым трох-, чатырох- і больш састаўныя назвы былі характэрнымі пераважна для прадстаўнікоў пануючых саслоўяў. Сяляне аж да апошняй чвэрці XVIII ст. звычайна называліся двухкампанентнай формай, першую частку якой складала ўласнае імя, а другая часцей за ўсё была імем па бацьку на -овіч, -евіч, -іч, прычым яна амаль заўсёды захоўвалася толькі ў двух пакаленнях.
Тым не менш працэс зараджэння ў сялянскім асяроддзі трохсастаўных найменняў, а таксама прозвішчаў прасочваецца на працягу XVII—XVIII стст. Так, сяляне вёскі Рудная ва ўладанні Цімкавічы (Навагрудскае ваяводства), паводле інвентару 1638 г., былі названы трохсастаўнымі найменнямі (Паўлюк Гайшэня Мядзведзевіч, Фёдар Жмурэня Канчыц, Васіль Верабей Іванкевіч). У радзе выпадкаў пэўныя празванні жыхароў сельскіх пасяленняў бытавалі працяглы час, што было перадумовай іх спадчыннасці. Напрыклад, антрапонім Лагутка(о) прасочваецца ў чатырох інвентарах сяла Клідэянты ўладання Смаргонь (Ашмянскі павет) з 1622 па 1689 г., а найменне Гурын у вёсцы Несцяняты таго ж уладання — у шасці інвентарах з 1622 па 1788 г. Прычым вопісы фіксуюць паслядоўную перадачу антрапоніма на працягу трох-чатырох пакаленняў адной сваяцкай лініі. Так, у інвентары в. Несцяняты за 1689 г. упамінаецца Фёдар Гурын з сынам Казімірам. У вопісу 1723 г. назван ужо Казімір Гурын, які па ўзросту з'яўляўся хутчэй за ўсё сынам Фёдара. Па даных 1755 г., трымальнікамі двух асадных паўвалок былі Францыск Гурын з братамі, а таксама Якаў Гурын, напэўна, той, што ў папярэднім інвентары названы сынам Казіміра з мянушкай Яднік, якая потым знікла. У Якава было два сыны, адзін з якіх Хрыстафор прадстаўляў антрапанімічную лінію Гурыных у вопісу 1788 г. Аналагічным чынам прасочваецца чатырохпакаленная пераемнасць Наймення Падляшук (Паляшук) у той жа вёсцы Несцяняты. У вопісу 1723 г. назван Апанас Паляшук з чатырма сынамі, двое з якіх прысутнічаюць у наступным інвентары 1755 г., прычым Мацвей Падляшук меў трох сыноў і двух унукаў. Па даных 1788 г., у гэтай жа вёсцы было тры Падляшукі — трымальнікі валочнай зямлі і імёны двух з іх такія ж, як у сына і ўнука Мацвёя Падляшука.
Імёны сялянскага праваслаўнага і ўніяцкага насельніцтва часам адрозніваліся ад імён заможных слаёў і асабліва шляхты, якая карысталася для гэтага каталіцкім календаром. Аналагічныя з'явы былі вельмі характэрнымі для класава-антаганістычнага грамадства, калі пануючыя класы адмяжоўваліся ад свайго народа на антрапанімічным узроўні. Прычым простым людзям часам нават забаранялася выкарыстоўваць тыя імёны, якія мелі найбольшае распаўсюджанне ў феадалаў. У Беларусі таго часу гэты працэс быў у пэўнай ступені звязан з паланізацыяй. Агульнадзяржаўная палітыка апалячвання закранала розныя сферы этнасацыяльнага жыцця беларускага народа. У XVII—XVIII стст. гэты працэс ушчыльную закрануў мову беларускага насельніцтва. Так, патрабаванне Статута 1588 г., каб пісар земскі пісаў толькі «па-руску», выконвалася ў XVII ст. ужо фармальна. Арыстакратыя Вялікага княства Літоўскага часта падпісвалася пад афіцыйнымі дакументамі па-польску і на польскі манер — з дабаўленнем выражэння «ręka własna» (уласнай рукой). Акрамя таго, на працягу ўсяго XVII ст., як адзначае А. Жураўскі, на афіцыйнай беларускай мове часта пісаліся толькі традыцыйныя фармулёўкі ў пачатку і ў канцы дакументаў, тады як асноўны тэкст быў на польскай мове [15].
Некаторы час беларуская мова працягвала яшчэ больш выконваць камунікатыўныя функцыі, з'яўляючыся мовай міжэтнічных зносін у рамках Вялікага княства Літоўскага. Аднак у XVII—XVIII стст. такую ж функцыю болыш актыўна пачынае выконваць польская мова, паступова яна становіцца сродкам зносін не толькі феадальнай вярхушкі, але і іншых саслоўна-класавых груп феадальнага грамадства Беларусі і Літвы.
Патрэба ва ўніфікацыі мовы дзяржаўных дакументаў і ўзрастаючая інтэграцыя ўсіх тэрытарыяльных частак Рэчы Паспалітай садзейнічалі распаўсюджанню польскай мовы ў XVII ст. у рамках усёй дзяржаўнай супольнасці, у тым ліку і на землях Вялікага княства Літоўскага. Таму ў 1695 г. было прынята рашэнне, што агульнадзяржаўнай мовай усёй Рэчы Паспалітай будзе толькі польская [16]. Адначасова з пранікненнем у Беларусь польскай мовы актыўна распаўсюджваецца латынь. Ва ўсіх езуіцкіх калегіях уводзіцца абавязковы курс латыні. Павялічваецца колькасць арыгінальных і перакладных выданняў на лацінскай мове. Латынь часткова трапляе і ў справаводства судоў, на ёй пішуцца многія юрыдычныя дакументы ў паўночна-ўсходняй частцы Рэчы Паспалітай — былым Вялікім княстве Літоўскім.
Другие статьи
Регулирование занятости в регионе
Актуальность темы исследования определяется особенностями
социально-экономических процессов в современном российском обществе,
связанными, прежде всего, со становлением рыночных отношений в сфере занятости.
Как показал российский опыт последнего десятилетия, нельзя надеяться на то, что
р ...